СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР БЕЛРАДЫЁЦЭ́НТРА, Сімфанічны аркестр Белрадыёкамітэта. Існаваў у 1928—37 у Мінску. Створаны на аснове сімф. аркестраў БДТ-1 (гл. Сімфанічны аркестр Беларускага дзяржаўнага тэатра першага) і Бел. дзярж. муз. тэхнікума. У 1928 налічваў 50 чал. У розныя часы ў склад аркестра ўваходзілі музыканты С.​Жыў (1-я скрыпка), Ю.​Дрэйзін (2-я скрыпка), К.​Бянеўскі (альт), М.​Арлоў (віяланчэль), М.​Славачэўскі (кантрабас), Б.​Трызна (флейта), Б.​Паграбняк (габой), Г.​Эльтэрман (кларнет), М.​Паграбняк (фагот), Я.​Сцягенны (валторна), М.​Штэйман (труба), І.​Рыбкін (трамбон), М.​Казакоў (туба), С.​Маркоўскі (літаўры); дырыжоры А.​Бяссмертны, І.​Гітгарц, М.​Міхайлаў (выпускнік Ленінградскай кансерваторыі па кл. Э.​Купера), А.​Арлоў, Л.​Штэйнберг. Рэпертуар складалі творы кампазітараў розных эпох і кірункаў. Быў папулярызатарам бел. муз. мастацтва: праводзіў творчыя радыёвечары, справаздачныя канцэрты бел. кампазітараў. У яго выкананні гучалі творы М.​Аладава, В.​Залатарова, Р.​Пукста, А.​Туранкова, М.​Чуркіна, А.​Багатырова, М.​Крошнера, Р.​Самохіна, П.​Падкавырава. З 1937 у складзе Беларускай філармоніі.

Літ.:

Загородний Г.Н. Музыки высокое призвание. 2 изд. Мн., 1988;

Яго ж. Белорусская государственная филармония. Мн., 1981.

В.​У.​Мазанік.

Склад Сімфанічнага аркестра Белрадыёцэнтра. 1934.

т. 14, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)